Статут ЗБК

СТАТУТ ЗГУРТАВАНЬНЯ БЕЛАРУСАЎ КАНАДЫ

АРТЫКУЛ І. Назоў
Згуртаваньне Беларусаў Канады (у скарочаньні ЗБК) ёсць грамадскай арганізацыяй.

Юрыдычны адрас: 524 St.Clarens Ave., Toronto, ON, Canada, M6H 3W7.

АРТЫКУЛ ІІ. Мэты і заданьні
1. Захаваньне і культываваньне беларускай нацыянальнай і культурнай спадчыны.
2. Гуртаваньне беларусаў на тэрыторыі Канады.
3. Маральная і матэрыальная дапамога сваім сябрам.
4. Культурна-асветніцкая праца.
5. Абарона інтарэсаў беларусаў у Канадз і ў сьвеце.
АРТЫКУЛ ІІІ. Сяброўства.
1. Сябры ЗБК дзеляцца на чынных і ганаровых.
2. Чынным сябрам ЗБК можа быць кожная асоба, якая жыве ў Канадзе, мае ня менш за 18 год, падзяляе мэты і заданьні ЗБК (Артыкул ІІ Статуту ЗБК) і стаіць на грунце 25 Сакавіка (беларускай дзяржаўнасьці). Пры ўступленьні ў ЗБК асоба мусіць падаць вусную ці пісьмовую заяву.
3. Абавязкі чыннага сябра ЗБК:
а) Прытрымоўвацца Статуту ЗБК.
б) Плаціць сяброўскія складкі.
в) Выконваць пастановы кіруючых ворганаў ЗБК.
г) Дбаць аб нацыянальным гонары беларускага народу й сваёй арганізацыі.
д) Браць удзел у працы свайго Аддзелу.
4. Правы чыннага сябра ЗБК:
а) Браць чынны ўдзел у З’ездах і сходах, што значыць мець права голасу і права падаваць
прапановы.
б) Выбіраць і быць выбраным у кіраўнічыя й кантрольныя ворганы ЗБК.
в) Карыстацца з дапамогі ЗБК.
г) Насіць значок і сымболіку ЗБК.
5. Пытаньні аб прыняцьці ў сябры вырашаюць управы Аддзелаў ЗБК.
6. Пазбаўленьне сяброўства можа наступіць:
а) На собскую просьбу.
б) На аснове пастановы Галоўнай управы ці Аддзелаў ЗБК.
в) Выключаны сябра мае права апэляцыі да агульнага З’езду ЗБК.

7. Статус ганаровага сябра надае агульны Зьезд сяброў і дэлегатаў ЗБК на прапанову Галоўнае
ўправы. Агульны Зьезд можа й пазбавіць сябра ганаровага сяброўства. Ганаровы сябра ня мае абавязку плаціць сяброўскіх складак.

АРТЫКУЛ IV. Складкі

1. Памер сяброўскіх складак вызначаецца агульным Зьездам.
2. Сяброўскія складкі плацяцца кожны каляндарны год.

АРТЫКУЛ V. Кіраўнічыя і кантрольныя ворганы ЗБК
1. Кіраўнічымі ворганамі ЗБК з’яўлюцца:
а) Агульны Зьезд ЗБК.
б) Галоўная ўправа ЗБК.
в) Управы Аддзелаў ЗБК.

2. Кантрольнымі ворганамі ЗБК з’яўляюцца:
а) Агульны Зьезд ЗБК.
б) Наглядная Рада ЗБК.

АРТЫКУЛ VІ. Паўнамоцтвы і кампэтэнцыі ворганаў ЗБК
1. Агульны Зьезд ЗБК з’яўляецца заканадаўчым і найвышэйшым кіраўнічым і кантрольным ворганам ЗБК.
а) Агульны Зьезд можа быць звычайным і надзвычайным.
б) Звычайны агульны Зьезд адбываецца раз у два гады ў мейсцы і часе, вызначаным Галоўнай управай.
2. Кампэтэнцыі агульнага Зьезду ЗБК:
а) Разгляд дзейнасьці й грашовай гаспадаркі ЗБК.
б) Ацэнка дзейнасьці Галоўнай управы.
в) Зацьверджаньне пляну працы й бюджэту на наступныя гады.
г) Выбары кіраўнічых і кантрольных ворганаў ЗБК.
д) Прыняцьце паправак і зьменаў у Статут.
е) Справа куплі і продажу маёмасьці ЗБК.
ж) Разгляд дзейнасьці Аддзелаў ЗБК.
з) Прыняцьце ў ганаровыя сябры ЗБК.

3. Надзвычайны агульны Зьезд ЗБК склікаецца паводле рашэньня Галоўнай управы ў двух выпадках:
а) калі Галоўная ўправа лічыць гэта патрэбным;
б) калі Галоўная ўправа атрымала пісьмовую заяву, падпісаную 1/3 чынных сяброў
ЗБК, зьезд склікаецца на працягу 45 дзён пасьля атрыманьня такой заявы. У паведамленьні аб надзвычайным агульным Зьездзе павінны быць паданыя прозьвішчы сяброў і прычыны, дзеля якіх яны жадаюць скліканьня Зьезду.

4. Правядзеньне Зьезду:
а) Галоўная ўправа ЗБК паведамляе пра месца, час і парадак Зьезду не пазьней як за месяц да ягонага пачатку.
б) Сябры ці групы сябраў, якія хочуць унесьці ў парадак дня Зьезду якія-небудзь пытаньні, павінны паведаміць аб гэтым пісьмова Галоўную ўправу не пазьней як за 10 дзён перад адкрыццём Зьезду.
в) прапановы аб зьменах у Статуце мусяць падавацца не пазьней як за 3 месяцы да Зьезду.
г) Агульны Зьезд правамоцны, калі на ім прысутнічаюць 50 % ад колькасьці зарэгістраваных сяброў плюс 1.

Пры падлічэньні кворуму бяруцца пад увагу прысутныя сябры з правам чыннага голасу і ўпаўнаважаньні, дадзеныя адсутнымі сябрамі.
д) Зьезд праводзіць выбары Мандатнае камісіі ў складзе Старшыні, Сакратара й Сябра. Мандатная камісія правярае правамоцнасьць Зьезду. Пасьля сьцьвярджэньня правамоцнасьці Зьезду Старшыня Мандатнай камісіі
праводзіць выбары Прэзыдыюму Зьезду ў складзе Старшыні, Сакратара й Сябра Прэзыдыюму. Пасьля выбараў Старшыня Прэзыдыюму, а тым самым і Зьезду, кіруе Зьездам.
е) Пастановы прымаюцца галасаваньнем. За выняткам зьмены Статуту ды продажу ці набыцьця маёмасьці ЗБК, усе справы вырашаюцца звычайнай бальшынёй галасоў.
ж) Для зьмены Статуту, продажу і набыцьця маёмасьці ЗБК патрэбна 2/3 галасоў.
з) Зьезд выбірае Намінацыйную камісію, якая падрыхтоўвае кандыдатуры ў кіруючыя ворганы для наступнага Зьезду.

5. Галасаваньне:
а) Права чыннага ўдзелу на Зьездзе мае кожны чынны сябра, які ня мае запазычанасьцяў з сяброўскімі складкамі.
б) Кожны чынны ўдзельнік Зьезду мае толькі адзін голас.
в) Паўнамоцнік мае свой голас плюс столькі галасоў, колькі ён мае ўпаўнаважаньняў.
г) Ніякі сябра ЗБК ня можа быць паўнамоцнікам больш чым пяцёх сяброў, акрамя дэлегатаў, высланых Аддзеламі. Дэлегат ад Аддзелу ЗБК можа мець ня болей як дзесяць галасоў.
д) Упаўнаважаньні мусяць быць зацьверджаныя Мандатнай камісіяй.

6. Галоўная ўправа ЗБК:
а) Кіруе жыцьцём і дзейнасьцю ЗБК, адказвае за выкананьне пастановаў Зьезду ЗБК і рэпрэзентуе ЗБК навонкі.
б) Выбіраецца на агульным Зьездзе ЗБК тэрмінам на 2 гады ў складзе Старшыні ЗБК, Сакратара й Скарбніка. Зьезд можа выбраць і большую колькасьць сяброў Галоўнай управы, калі вымагаюць гэтага патрэбы арганізацыі.
в) Дапамагае Аддзелам ЗБК і каардынуе іх працу. Падтрымлівае супрацоўніцтва зь іншымі беларускімі арганізацыямі.
г) Зьбіраецца на паседжаньні штонайменш раз на тры месяцы. Старшыня ЗБК, Сакратар і Скарбнік твораць выканаўчы ворган Галоўнай управы, які зьбіраецца на паседжаньні ў меру патрэбы бязь іншых сяброў Галоўнай управы, або з тымі зь іх, прысутнасьць якіх неабходная ў сувязі з разгляданай справай.
д) Прымае рашэньні звычайнай большасьцю галасоў. У выпадку роўнасьці галасоў Старшыня ЗБК мае два галасы.
е) Можа прыпыніць у правах сябра Галоўнай управы, калі ён не прытрымоўваецца Статуту або дзейнічае на шкоду ЗБК.

7. Наглядная рада:
а) Выбіраецца агульным Зьездам ЗБК тэрмінам на 2 гады ў складзе: Старшыні, Сакратара й Сябра.
б) Яе кампетэнцыі:
і) Рэвізія працы Галоўнай управы ЗБК як найменш 2 разы на год;
рэвізія працы Ўправаў Аддзелаў – раз на год.
іі) Прапанова ацэнкі дзейнасьці Галоўнай управы ЗБК.
ііі) Пакліканьне ў разе патрэбы спэцыялістаў для рэвізіі грашовай гаспадаркі ЗБК.
в) Адказвае за сваю дзейнасьць перад агульным Зьездам ЗБК.

АРТЫКУЛ VII. Арганізацыйная структура ЗБК
1. У мясцовасьці, дзе жыве 5 ці болей сяброў ЗБК, яны могуць утварыць Аддзел ЗБК. Аддзел пачынае існаваць пасьля зацьверджаньня яго Галоўнай укправай ЗБК.
2. Агульны сход Аддзелу выбірае сабе Ўправу на два гады ў складзе Старшыні, Сакратара і Скарбніка. Управа Аддзелу можа кааптавацьдля працы іншых сяброў.
3. Кампетэнцыі Аддзелаў:
а) Аддзелы маюць права падаваць прапановы і заўвагі ў галоўную ўправу ЗБК, але самі ня могуць зьмяняць пастановаў Галоўнае ўправы.
б) Аддзелы ЗБК абавязаныя перасылаць у Фінансавы Рэфэрат галоўнай управы ЗБК 25% сяброўскіх складак і 2% усіх даходаў Аддзелу.
4. Галоўная ўправа ЗБК можа скасаваць Аддзел ЗБК, калі:
а) Лік сяброў Аддзелу зьменшыцца ніжэй 5-ці.
б) Можа часова прыпыніць дзейнасьць Управы Аддзелу, склікаць агульны Сход Аддзелу й выбраць новую Ўправу, калі дзейнасьць Аддзелу занепадае або прыносіць шкоду арганізацыі.

5. Мужы даверу. У мясцовасьцях, дзе жыве меньш за 5 сяброў ЗБК, Галоўная ўпрва можа прызначыць Мужоў даверу. Заданьнем іх ёсць правядзеньне працы і пры магчымасьці стварэньне Аддзелу.

АРТЫКУЛ VІІІ. Крыніцы ўтрыманьня ЗБК – фінансы
Крыніцамі ўтрыманьня ЗБК з’яўляюцца:
а) Сяброўскія складкі, памер якіх устанаўліваецца агульным Зьездам ЗБК.
б) Ахвяры і субсыдыі розных арганізацыяў і адзінак.
в) Даходы з імпрэзаў і ад рэкламы.

АРТЫКУЛ ІХ. Ліквідацыя ЗБК

1. ЗБК можа быць зьліквідавана на агульным Зьездзе ЗБК 75-цю адсоткамі ад агульнай колькасьці сябраў ЗБК без уліку ўпаўнаважаньняў.
2. У выпадку ліквідацыі ўся маёмасьць ЗБК перадаецца Радзе БНР згодна з пастановай Зьезду ЗБК.

ВАЖНАСЬЦЬ СТАТУТУ
Гэты Статут быў прыняты на Другім агульным Зьездзе ЗБК 28 траўня 1950 году ў Таронта. Сюды ўнесеныя папраўкі, прынятыя агульнымі Зьездамі ЗБК да 39-га Зьезду ўключна (27 лістапада 2003 году).

Старшыня 39-га Агульнага Сакратар 39-га Агульнага
Зьезду ЗБК Зьезду ЗБК

  1. Tatiana Kostanenko
    2020/08/20 у 10:13 PM

  1. No trackbacks yet.

Пакінуць каментар